МЕХА́НІКА СЫ́ПКІХ АСЯРО́ДДЗЯЎ,

раздзел механікі суцэльных асяроддзяў, дзе вывучаюцца раўнавага і рух сыпкіх асяроддзяў (напр., пясчаных грунтоў, здробненага вугалю, зерня). Найб. развіты раздзел М.с.а. — механіка грунтоў.

Займае прамежкавае становішча паміж механікай суцэльных асяроддзяў і механікай сістэм матэрыяльных пунктаў, што абумоўлівае фенаменалагічны і статыстычны спосабы апісання руху асяроддзяў (напр., вызначэнне ціску асяроддзя на апорныя сценкі, магчымых форм паверхні асыпання адхонаў). Пры фенаменалагічным апісанні грануляваныя асяроддзі разглядаюцца як рэчывы з уласцівасцямі, прамежкавымі паміж уласцівасцямі цвёрдага цела і вадкасці. Пры статыстычным апісанні з дапамогай розных працэдур асярэднення мікраўласцівасцей часцінак атрымліваюць ураўненні, якія апісваюць макраўласцівасці грануляванага асяроддзя.

А.У.Чыгараў.

т. 10, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)